Практыка апошніх гадоў паказвае, што сярод моладзі расце попыт на часовую працоўную занятасць. Аб гэтым заявіў начальнік упраўлення арганізацыі працы дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва і альтэрнатыўнай службы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Сяргей Кацко.
Паводле яго слоў, за 2024 год пры садзейнічанні службы занятасці было працаўладкавана больш за 55 тыс. маладых людзей, у асноўным гэта непаўналетнія.
Ён адзначыў, што работа па стварэнню працоўных умоў для моладзі вядзецца пастаянна, а асабліва актыўна напярэдадні летніх канікулаў.
Так, у краіне маладыя людзі ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў могуць працаваць усяго 23 гадзіны ў тыдзень, тады як падлеткам, якім больш за 16 гадоў, дазволена адпрацаваць максімум 35 гадзін.
«Штодзённая нагрузка размяркоўваецца наступным чынам: школьнікі малодшай 16 гадоў у вакацыі могуць працаваць не больш за 4 гадзіны 36 хвілін у дзень, а старэйшыя падлеткі — да 7 гадзін. Падчас навучальнага працэсу працоўны дзень істотна скарачаецца: малодшым навучэнцам дазваляецца працаваць толькі 2 гадзіны 18 хвілін у суткі, старэйшым школьнікам — да 3 гадзін 30 хвілін», — распавёў Сяргей Кацко.
Ён дадаў, што зарплата падлеткаў, нягледзячы на скарочаную працягласць рабочага часу, павінна выплачвацца ў такім жа памеры, як работнікам адпаведных катэгорый пры поўнай працягласці штодзённай працы.
Акрамя таго, спецыяліст нагадаў, што ў нашай краіне ёсць пералік лёгкіх работ, на якія можна ўладкавацца непаўналетнім. Напрыклад, дзеці могуць уладкавацца на дастаўку лёгкіх тавараў дамоў, выконваць элементарныя работы па разборцы-зборцы механізмаў, зборцы мэблі з прымяненнем найпрасцейшай слясарнай прылады, працаваць фларыстамі, працаваць у даведачна-інфармацыйных, дыспетчарскіх службах і г.д.
Акрамя таго, сёлета ў Беларусі быў перагледжаны спіс работ, на якія забаронена прымаць асоб малодшай 18 гадоў.
«СП»



