У камандзе дзевяць навучэнцаў Семежаўскай СШ. Задача атрада — навесці парадак на тэрыторыі і збожжаскладах, якія неабходна падрыхтаваць да новага ўраджаю. Праца не сказаць, каб цяжкі (усяго чатыры гадзіны), але адказны. А галоўнае, усім па душы. Падлеткам выдалі поўную рабочую экіпіроўку, інвентар — і з першых дзён з’явіўся баявы настрой.
Камандзір студэнцкага сельскагаспадарчага атрада «Агеньчык», будучы педагог Аліна Сянюк, не па чутках ведае, што такое студатрад і як працаваць у яго складзе.
— камандзірам сельскагаспадарчага студэнцкага атрада ў аг. Семежава працую другі год запар, — дзеліцца Аліна. — Да гэтага ў школьныя гады не раз была ў ліку байцоў студатрада. Рука аб руку са мной працуе і мая пляменніца Ангеліна Русак. Рабяты добрыя, самыя лепшыя. Галоўнае, чаму вучышся ў студэнцкіх атрадах, — гэта працаваць у камандзе. Гэта значыць важна заўсёды памятаць аб тым, што побач з табой ёсць людзі, з якімі мы робім агульную справу і што сумесны вынік значна лепшы, чым калі мы прыкладаем намаганні па асобнасці.
Паводле слоў камандзіра Капыльскага тэрытарыяльнага штаба студэнцкіх атрадаў Анастасіі Давыдзенкі, работа студатрадаў у ААТ «Семежава» практыкуецца ўжо на працягу многіх гадоў.
— Лічу, што БРСМ робіць усё правільна, далучаючы маладое пакаленне да працы. Гэта неабходна, бо менавіта ад іх залежыць будучыня нашай краіны. Часцяком хлопцы такім чынам вызначаюць кірунак сваёй будучай прафесіі. Убачыць асаблівасці прафесіі знутры, вызначыць для сябе перавагі і недахопы і, вядома, атрымаць кішэнныя грошы. Плюсаў у студэнцкіх атрадаў нямала, — падкрэслівае Анастасія.
У гэтым годзе хлопцы пакуль не ведаюць, колькі заробяць грошай. Але цвёрда ўпэўнены: у студатрадзе яны не толькі дзеля рубля, а дзеля магчымасці паспрабаваць сябе ў справе, правесці лета з карысцю для сябе і роднага аграгарадка.



