Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пасля прыбыцця ў Мінскі аэраклуб ДТСААФ на аэрадроме Ліпкі падкрэсліў неабходнасць захавання і развіцця гэтага таварыства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы ў першую чаргу ўдакладніў актуальную структуру ДТСААФ і ход выканання задач, якія стаяць перад таварыствам. Цяпер ДТСААФ вырашае шэраг значных для дзяржавы пытанняў. У іх ліку развіццё тэхнічных, авіяцыйных, ваенна-прыкладных відаў спорту і тэхнічнай творчасці моладзі, патрыятычнае выхаванне грамадзян, падрыхтоўка на дагаворнай аснове спецыялістаў па заказе Мінабароны і іншых дзяржаўных органаў, у якіх прадугледжана ваенная служба, а таксама іншыя задачы.
"Значыць, ДТСААФ нам патрэбна", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Размова ішла ў тым ліку аб падрыхтоўцы пілотаў. Беларусь захавала і развівае сетку аэраклубаў. Іх усяго пяць. Усё гэта ў значнай ступені садзейнічае якаснай лётнай падрыхтоўцы пілотаў як грамадзянскай, так і ваеннай авіяцыі.
"Добра рыхтуюць ці ёсць недахопы? Пілотаў рыхтуюць нармальна?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.
Міністр абароны Віктар Хрэнін адказаў: "Дастатковы ўзровень".

Аэраклуб ДТСААФ перабазіраваўся на аэрадром Ліпкі з аэрадрома Баравая ў 2017 годзе пасля будаўніцтва новай вучэбна-матэрыяльнай базы. Ліпкі з'яўляюцца аэрадромам сумеснага базіравання для дзяржаўнай авіяцыйнай аварыйна-выратавальнай установы "АВІЯЦЫЯ" Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Мінскага аэраклуба ДТСААФ.
Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, ці было гэта рашэнне правільным і наколькі камфортна ДТСААФ і МНС базіравацца на адной пляцоўцы. Старшыня Цэнтральнага савета ДТСААФ Андрэй Некрашэвіч запэўніў, што з гэтым няма ніякіх праблем. Больш таго, абодва ведамствы вырашаюць разам пытанні ўсебаковага забеспячэння.

У 2025 годзе на аэрадроме быў пабудаваны спартыўна-патрыятычны цэнтр, у якім ёсць цір, пляцоўка для гульні ў гарадкі, вяровачны гарадок, варкаўт-пляцоўка, комплекс вулічных трэнажораў, пляцоўка для лазертага, страйкбола, пейнтбола і радыёспорту, паласа перашкод, дзіцячыя пляцоўкі і іншае.
"Малайцы, вы хутка перабазіраваліся, прывялі тэрыторыю ў парадак. Хацеў сказаць "па-ваеннаму", але нават у Хрэніна (міністра абароны Віктара Хрэніна. - Заўвага БЕЛТА) такога няма", - ацаніў пляцоўку беларускі лідар.
Акрамя таго, пасля перабазіравання ўвесь авіяцыйны персанал Мінскага аэраклуба на працягу года прайшоў абучэнне па новых відах тэхнікі. Гэта было выкананнем даручэння кіраўніка дзяржавы па арганізацыі лётнай падрыхтоўкі пілотаў грамадзянскай авіяцыі. Паэтапна была закуплена сучасная тэхніка - аднаматорны самалёт Viper SD4, двухматорны Tecnam, трэнажор для падрыхтоўкі. Такім чынам, у Беларусі ёсць нацыянальная школа падрыхтоўкі грамадзянскіх пілотаў. У мінулым годзе адбыўся першы выпуск дзесяці грамадзянскіх пілотаў.

"У гэтым плане вы малайцы. У расіян таксама няслаба гэта (развіта. - Заўвага БЕЛТА), але яны нам зайздросцяць і просяць: "Вы нам пілотаў сваіх дайце". Я гавару: "Нам самім патрэбны пілоты, а вучыцца - калі ласка", - адзначыў беларускі лідар.
Было даложана, што яшчэ адным напрамкам дзейнасці ДТСААФ з'яўляецца развіццё розных відаў спорту. Спартыўная дзейнасць уключае заняткі па кулявой і практычнай стральбе, пейнтболе, страйкболе, лазертагу, аўтамабільным, матацыклетным, падводным, парашутным, самалётным і многіх іншых відах спорту.
Прэзідэнт у час знаходжання ў аэраклубе ДТСААФ наведаў павільён "Космас", дзе прадстаўлены ў тым ліку асабістыя рэчы беларускіх касманаўтаў і Юрыя Гагарына. Асабліва зацікавіў Аляксандра Лукашэнку спускальны апарат касмічнага карабля "Саюз". У музеі ёсць асабістыя рэчы і часткі экіпіроўкі касманаўтаў Алега Навіцкага і Марыны Васілеўскай.

Аб унікальных гістарычных экспанатах расказала Наталля Гагарына - пляменніца Юрыя Аляксеевіча. Яшчэ ў часы Савецкага Саюза яна прыехала вучыцца ў Мінск і скончыла лінгвістычны ўніверсітэт. Цяпер пляменніца першага касманаўта працуе намеснікам начальніка па міжнародным супрацоўніцтве і сувязях са СМІ Мінскага аэраклуба ДТСААФ.
Цікавая дэталь з біяграфіі Юрыя Гагарына: у свой час першы касманаўт займаўся ў Саратаўскім абласным аэраклубе ДТСААФ СССР. Такім чынам, у аэраклубаў ёсць непасрэдная сувязь з касманаўтыкай. А да палёту ў космас Юрый Гагарын атрымаў спецыяльнасць ліцейшчыка. Адна з мадэлей самалётаў, адлітых ім, захоўваецца ў павільёне "Космас" на базе Мінскага аэраклуба ДТСААФ. Пра гэтыя і іншыя эпізоды жыцця Юрыя Гагарына кіраўніку дзяржавы падрабязна расказала пляменніца касманаўта.
Прэзідэнт таксама азнаёміўся са шматлікімі ўзорамі авіяцыйнай тэхнікі, размешчанымі пад адкрытым небам, і парашутнымі сістэмамі. А на заканчэнне наведвання Мінскага аэраклуба ДТСААФ Аляксандру Лукашэнку падарылі мадэль самалёта АН-2.-0-