"Вы вельмі сур'ёзна працуеце над камп'ютарызацыяй і ўкараненнем усяго новага, высокіх тэхналогій у работу судоў. Я за гэта. Я больш за ўсё не выношу ў судах валакіту папяровую, якую ад вас заўсёды патрабавалі, і гэтак далей. Таму мы вельмі хацелі б, каб вы нас прычэпам узялі і мы за вамі пайшлі ў плане ўкаранення высокіх тэхналогій у дзейнасць судоў. Па ўсёй вертыкалі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што падтрымлівае і вітае тыя мерапрыемствы, правядзенне якіх прадугледжана ў Вярхоўным Судзе Беларусі ў перыяд візіту Ігара Краснова. Размова, у прыватнасці, аб абмеркаванні тэматыкі выкарыстання ў судаводстве інфармацыйных тэхналогій, падпісанні мемарандума аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве паміж вышэйшымі судовымі органамі Беларусі і Расіі.
Прэзідэнт адзначыў, што Ігар Красноў, які нядаўна быў назначаны старшынёй Вярхоўнага Суда Расіі, зразумела, хоча зарэкамендаваць сябе на новай пасадзе, зрабіць нешта добрае і новае. І Беларусі таксама было б цікава пераняць вопыт па тых ці іншых пытаннях.
"Ведаю, што вы многае будзеце рабіць для Вярхоўнага Суда Расіі. Я вельмі вас прасіў бы, каб вы былі ў цесным кантакце з Вярхоўным Судом Беларусі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Нам трэба падглядаць, што ў вялікай Расіі робіцца ў гэтым плане. Дзесьці, можа, і вопыт паўтараць. Я ведаю, Ігар Віктаравіч заўсёды адгукнецца на нашу просьбу і падтрымае ўдасканаленне судаводства, якое ў нас існуе".

"Мы гатовы вучыцца, пераймаць вопыт вялікай Расіі. Яна нам не чужая, многае там было сканцэнтравана ў савецкія часы. І кадры там былі лепшыя. Галоўнае, каб вы, як і было ў нашым супрацоўніцтве заўсёды з вамі асабіста, не адварочваліся ад нас, а падтрымлівалі, як гэта робяць іншыя ведамствы. У нас вельмі добрыя кантакты з усімі міністэрствамі і ведамствамі ў Расійскай Федэрацыі. Прыклад паказваюць прэзідэнты. Калі мы дружныя, тады вам што застаецца - таксама даводзіцца дружыць. Таму мы вельмі спадзяёмся, што вы падтрымаеце нас там, дзе гэта патрэбна будзе, дапаможаце", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама запэўніў, што і Вярхоўны Суд Расіі заўсёды можа разлічваць на дапамогу беларускага боку: "Мы заўсёды будзем вельмі цесна супрацоўнічаць з вамі па ўсіх пытаннях, якія будуць пастаўлены".
Аляксандр Лукашэнка таксама падзякаваў Ігару Краснову за дапамогу, якую ён аказваў Беларусі ў цэлым і асабліва суб'ектам гаспадарання, калі працаваў на пасадзе генеральнага пракурора Расійскай Федэрацыі.

"І цяпер вы прымаеце рашэнні аб'ектыўна, сумленна, справядліва, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Думаю, што і ў будучым вы будзеце гэтак жа супрацоўнічаць з нашым старшынёй (старшыня Вярхоўнага Суда Беларусі Андрэй Швед. - Заўвага БЕЛТА). У вас стыль работы прыкладна аднолькавы. Таму я ўдзячны вам за тое супрацоўніцтва, якое было ў нас да гэтага. Вельмі задаволены, што ў нас склаліся такія добрыя, даверныя адносіны".
У працяг размовы кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў Ігара Краснова, як яму працуецца на пасадзе кіраўніка Вярхоўнага Суда Расіі. Гэту пасаду ён заняў восенню 2025 года.
"Усё ў парадку, ідзём наперад. Наводжу парадак", - адказаў кіраўнік Вярхоўнага Суда Расіі.
Ён падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за магчымасць сустрэцца асабіста і перадаў найлепшыя пажаданні ад Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.
"Як Вы заўсёды адзначаеце, на беларускай зямлі мы адчуваем сябе нават не як дома, а дома. Нашы братэрскія народы звязаны агульнымі культурнымі каштоўнасцямі, таму адносіны развіваюцца ва ўсіх напрамках цяпер", - сказаў Ігар Красноў.
Ён таксама адзначыў, што ў красавіку бягучага года споўнілася 30 гадоў з моманту падпісання першага інтэграцыйнага дагавора, які заклаў фундамент Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. "Дазвольце, карыстаючыся магчымасцю, павіншаваць вас як аднаго з ідэйных натхняльнікаў кансалідацыі двух братэрскіх народаў", - звярнуўся Ігар Красноў да Аляксандра Лукашэнкі.
Крыніца: belta.by



