"У гэтым годзе фестывалю споўнілася 35 гадоў. Для святочнай традыцыі гэта толькі пачатак. Для нас з вамі, жыхароў горада і гасцей, арганізатараў, творчай каманды, артыстаў, рамеснікаў, - гэта цэлая эпоха, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - "Славянскі базар" заўсёды быў больш, чым культурная падзея. Ён - як люстэрка нашай гісторыі. Гісторыі не толькі суверэннай Беларусі, але гісторыі ўсяго свету. І не толькі культурнага свету".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ідэя фестывалю нарадзілася ў той час, калі свет мяняўся: "У перыяд, калі, мякка кажучы, было не да песень. Народы, якія яшчэ нядаўна былі адной сям'ёй, тады вучыліся жыць паасобку. Не ўсе разумелі наша жаданне займацца арганізацыяй такога маштабнага свята. Занадта шмат было сур'ёзных нявырашаных пытанняў - палітычных, эканамічных, сацыяльных. І ў нас, беларусаў, і ў нашых бліжэйшых суседзяў - перш за ўсё расіян, украінцаў. Але фестываль быў патрэбны вам - людзям".
У 2000 годзе "Славянскі базар у Віцебску" паставіў рэкорд, сабраўшы прадстаўнікоў абсалютна ўсіх славянскіх народаў. Усяго за час правядзення фестывалю ў ім прынялі ўдзел прадстаўнікі 85 краін, а гэта амаль паўсвету.


"Гісторыю фестывалю не перапынялі ні крызісы, ні пандэмія. Увесь свет быў у лакдаўне, але пазыўныя "Славянскага базару" гучалі з Віцебска. Віцебск гаварыў і паказваў, што сапраўднае мастацтва ніколі не мела і не будзе мець перашкод. Толькі ўявіце: за ўвесь час на сцэне амфітэатра выступілі больш за 18 тыс. артыстаў, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - У дні "Славянскага базару" да нас прыязджае столькі людзей, што горад павялічваецца ў два разы. Усё гэта не проста лічбы. Кожны наш госць, кожны ўдзельнік - стваральнікі гісторыі фестывалю. Гэта нашы традыцыйныя сябры, і сябры назаўсёды".
Звяртаючыся да гледачоў, артыстаў і арганізатараў "Славянскага базару ў Віцебску", Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што без іх не было б гэтага свята.
"Ведаю, што сёння, як і шмат гадоў таму, у зале знаходзяцца і беларусы, і палякі, рускія, украінцы, прадстаўнікі дзясяткаў іншых краін, якія прыехалі да нас па бязвізе. Ваша прысутнасць тут - гэта тое непарушнае, у чым мае патрэбу наш свет, такі крохкі, нестабільны і абсалютна незразумелы ў сваім развіцці. Мы шмат зрабілі і будзем рабіць для таго, каб "Славянскі базар" заставаўся асновай шчырай і моцнай дружбы краін і народаў. Гэта так патрэбна сёння", - заявіў беларускі лідар.


Ён выказаў упэўненасць, што з іх падтрымкай і шчырай любоўю гледачоў далейшая гісторыя фестывалю будзе доўгай і яркай.
"Сцэна "Славянскага базару" з году ў год адкрывае новыя таленты і імёны. Але запаленыя тут зоркі павінны помніць, што прадаўжаюць шлях найвялікшых майстроў. Тых, у каго можна і трэба вучыцца. Сувязь пакаленняў, пераемнасць - гэта тое, што робіць сапраўднае мастацтва вечным", - падкрэсліў Прэзідэнт.



Аляксандр Лукашэнка аб'явіў XXXV Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" адкрытым і па традыцыі ўручыў заслужаныя ўзнагароды дзеячам культуры. Гэта спецыяльная ўзнагарода "Праз мастацтва да міру і ўзаемаразумення", прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва. Прэзідэнт таксама ўручыў галоўную ўзнагароду пераможцу Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск".-0-











Крыніца: belta.by



